ГЕЛА́ЦКІ МАНАСТЫ́Р,

Гелаты, адзін з буйнейшых сярэдневяковых манастыроў Грузіі (за 11 км ад г. Кутаісі); помнік груз. архітэктуры. Засн. ў пач. 12 ст. царом Давідам Будаўніком. У 2-й пал. 16 ст. — 1814 — месцазнаходжанне каталікоса-патрыярха. Буйны цэнтр асветы, філас. думкі і маст. культуры Грузіі сярэдневякоўя; у 12 ст. тут створана Гелацкая акадэмія. Арх. комплекс Гелацкага манастыра ўключае крыжова-купальныя гал. храм (1106—-25) і царкву св. Георгія, 2-павярховую царкву св. Мікалая, 3-ярусную званіцу (усе 13 ст.) і будынкі акадэміі (12 ст., усх. порцік 14 ст.). Захаваліся часткі паўд. ўвахода, створанага над магілай Давіда Будаўніка (12 ст.), і мураванай агароджы. Мазаіка гал. храма з выявамі Божай маці з дзіцем і архангелаў (1125—30) — выдатны помнік мастацтва сярэдневякоўя. У храмах манастыра захаваліся размалёўкі 12—18 ст., у т. л. партрэты гіст. асоб.

Літ.:

Меписашвили Р. Архитектурный ансамбль Гелати. Тбилиси, 1966.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)